ДЗЯРЖА́ЎНЫ КА́МЕРНЫ ХОР РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Створаны ў 1988 у Мінску пры Бел. філармоніі як Мінскі камерны хор, з 1992 сучасная назва. Арганізатар, маст. кіраўнік і гал. дырыжор І.Мацюхоў. Асн. намаганні хору скіраваны на адраджэнне бел. духоўнай музыкі, выкананне лепшых твораў сусв. муз. класікі. У рэпертуары бел. гімны і канты 16—18 ст., творы бел. кампазітараў, у т. л. А.​Багатырова, І.​Лучанка, А.​Туранкова, буйныя творы духоўнай музыкі айч. і замежных класікаў і сучасных кампазітараў: І.​С.​Баха, А.​Вівальдзі, Г.​Ф.​Гендэля, Э.​Грыга, А.​Лоці, В.​А.​Моцарта, Д.​Скарлаці, Дж.​Расіні, Ф.​Шубгрта, І.​Брамса, Г.​Пёрсела, П.​Хіндэміта, Г.​Шутца, П.​Чайкоўскага, П.​Часнакова, Дз.​Бартнянскага, А.​Архангельскага, А.​Грачанінава, С.​Танеева, Р.​Шчадрына, С.​Сланімскага, Ю.​Фаліка і інш. Калектыў — першы выканаўца многіх твораў бел. кампазітараў С.​Картэса, В.​Капыцько, С.​Бельцюкова, А.​Бандарэнкі і інш. Выкананне адметнае тэхн. майстэрствам, чысцінёй інтанацыі, роўным гучаннем, глыбокім пранікненнем у змест твораў. Хор часта выступае ў канцэртах сумесна з Дзяржаўным камерным аркестрам Рэспублікі Беларусь, наладжвае дабрачынныя канцэрты, сродкі ад якіх пералічвае на карысць дзяцей, пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы. У выкананні хору запісаны 2 кампакт-дыскі з праграмамі бел. і рус. духоўнай музыкі. Калектыў — удзельнік міжнар. фестываляў у Польшчы (1990, 1995), Нарвегіі (1991, 1992, 1995), Славакіі (1991, 1995), 25-х Агульнаням. дзён Евангельскай царквы ў Мюнхене (1993). З 1991 чл. Еўрап. федэрацыі камерных хароў (Гамбург).

Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)